Иван Сергеевич (janka_x) wrote,
Иван Сергеевич
janka_x

Памёр славуты настаўнік беларускай мовы Алесь Белакоз

Белакоз Алесь (11.09.1928, в. Ляткі Ваўкавыскага пав. (цяпер Мастоўскі р-н)), заслужаны настаўнік Беларусі, краязнаўца, музэязнаўца.
Нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х езьдзіў на працу ў Бразылію, а па вяртаньні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Б. амаль усё жыцьцё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам зьлілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 клясаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У часе вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры. “У 1943 годзе, - успамінаў Б., - на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасьля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быў забіты... Давялося гаспадарку браць на свае плечы”.
У кастрычніку 1944 Б. пачаў вучыцца ў восьмай клясе расейскае школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947. “Тады ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Сьвіслацкім, ні ў Бераставіцкім р-нах не было беларускае школы, якая мела б восьмую клясу”. Няўдалыя спробы паступіць у Менскі мэдычны інстытут вымусілі Б. часова адмовіцца ад плянаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 на працу ў якасьці настаўніка другіх і чацьвёртых клясаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 Б. распачаў завочнае навучаньне на беларускім аддзяленьні Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. “Я заўсёды любіў матэматыку, - узгадваў Б., - і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову”.
Яшчэ ў 1948 уласнаручна вырабіў улёткі кароткага зьместу (напрыклад, з заклікам “Змагайцеся за незалежную Беларусь!”) і ўпершыню раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск; раскідваў іх і ў Менску. У 1949 здолеў здабыць ужо шрыфт і выдрукаваў улётку антысавецкага зьместу, якую распаўсюджваў разам зь сябрамі ў Горадні. Б. цудам удалося пазьбегнуць арышту, калі пры наклейваньні ўлёткі на будынак міліцыі іх заўважылі. Пасьля гэтага выпадку ў Горадні пачаліся арышты, у прыватнасьці, ва ўнівэрсытэце. Б. узгадвае: “Я прыйшоў да высновы, што нельга гэтага рабіць, бо церпяць невінаватыя людзі”.
З часоў навучаньня Б. успамінаў: “Найбольшае ўражаньне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі. Патрыёта Ржэўскага за беларускі патрыятызм у час праўленьня Хрушчова засудзілі на сем гадоў зьняволеньня. Тады я зразумеў, што палітыка забойства беларускай мовы - гэта палітыка партыі”.
Падчас вучобы Б. працаваў у розных школах: 1953-1954 – настаўнік пачатковых клясаў у Струзе, 1954-1955 - выкладчык фізыкі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 - выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэньні інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.
Праца з вучнямі і прага вывучэньня беларускай гісторыі, мовы, культуры захапіла Б. У 1965 ён наладжвае ліставаньне вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і дасьледніцкай дзейнасьцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газэтах і часопісах.
У 1965 зарганізаваў акцыю лістоў слухачоў Курсаў удасканаленьня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (у Менску) на адрас ЦК КПБ з выкладаньнем праблемаў статуса беларускай мовы. Загітаваў на гэтую акцыю Арсень Ліс. Акцыя выклікала незадаволенасьць уладаў. Надалей настаўніцкая дзейнасьць Б. знаходзілася пад пастаянным кантролем.
У 1966 Б. разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху “Праменьчык”. Выданьне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны. У 1968 на базе кабінэта беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музэй, які складаўся зь літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама “небясьпечных” аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ.
За актыўную дзейнасьць па зьбіраньні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджаньні беларускай мовы Б. неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КГБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Б. яшчэ ў 1969: “Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский”. Аднак, нягледзячы на перашкоды, музэй працягваў існаваць і нават пашыраўся. З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Б. разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў адмысловую мэтодыку далучэньня вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музэйнай справы і праз гэта да каштоўнасьцяў беларускай гісторыі і культуры.
Tags: Сваё
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments